в. Беніца (Маладзечанскі р-н, Мінская вобл.)
Касцёл Прасвятой Тройцы 1704 г. |
Крыжы гэтага касцёла відаць далёка ад вёскі. А калі
набліжаешся да яго, то пачынае здавацца, што там, ля
белых мураваных сцен, шаша скончыцца. Стварэнне такой
"дарогі да храму", безумоўна, можна таксама аднесці
да вельмі ўдалых рашэнняў яго стваральнікаў.
Але ж апошнія паўстагоддзя гэта была дарога не да храма,
а да зернясховішча. Менавіта так выкарыстоўвалі гэты
выдатны помнік барока пасля таго, як дзейнасць касцёла
была забаронена ў 1948 годзе. Толькі ў 1990-х тут пачаліся
рэстаўрацыйныя работы. Але не дзейнічае касцёл і цяпер:
на жаль, ужо 5 гадоў, як гэтыя работы прыпынены.
Аднавіць паспелі толькі дах і сцены. Унутры храм пусты.
Мясцовыя жыхары называюць адной з прычын тую акалічнасць,
што католікаў у вёсцы зараз засталося літаральна некалькі
чалавек. Асноўная частка сучасных беніцкіх вернікаў ходзіць
у невялікую праваслаўную царкву, што стаіць на плошчы
насупраць касцёла. Час змяняе многае, і ёсць такія
наступствы мінулага, аднавіць якія больш складана за
разбураныя храмы.
|